«Средняя школа № 5 г. Жодино»
Министерство образования Республики Беларусь
Отдел по образованию, спорту и туризму Жодинского горисполкома
Государственное учреждение образования
Самковіч Анастасія, 6 «А»
Мая вера
Вера ў Бога да кожнага прыходзіць па-рознаму. Хтосьці нараджаецца ў сям’і шчырых вернікаў і з малаком маці прымае веру, хтосьці, пражыўшы жыццё, прыходзіць у царкву, а нехта звяртаецца да Бога ў час вялікіх выпрабаванняў ў жыцці. Так здарылася і ў мяне.
Аднойчы ў майго бацькі вельмі забалеў жывот. Маці адпраўляла яго да ўрача, але ён не слухаў. З кожным днём тату станавілася ўсё горш і горш, і ўрэшце ён вымушаны быў звярнуцца да дактароў. Дыягназ быў для нас ашаламляльны: ракавая пухліна страўніка. Тату паклалі ў бальніцу. Яму рабілі розныя працэдуры: ставілі капельніцы, калолі ўколы, зрабілі аперацыю, але хвароба не адыходзіла. Пакуль татка ляжаў у бальніцы, мы з матуляй хадзілі ў царкву, ставілі свечкі, прасілі памаліцца за яго. Мама малілася дома па вечарах, а я плакала… Я не ведала слоў малітваў і вывучыла толькі адну: “Ойча наш”, я чытала яе кожны вечар і верыла, што Гасподзь не пакіне нашу сям’ю.
Хутка бацьку стала лягчэй. Ён прыехаў дадому. Мы з матуляй вельмі ўзрадаваліся. Цяпер тата п’е таблеткі, урачы кажуць, што ён на шляху да выздараўлення. Я веру, што ўсё ў нашай сям’і наладзіцца і тата будзе поўнасцю здаровы. А яшчэ я веру, што дапамагла нам вера ў Бога.
Савіцкая Вікторыя, 8 «Г» клас
Малітва – размова з Богам
Амаль кожны чалавек хоць раз у жыцці сутыкаецца з праблемай, з якой справіцца самастойна не можа. У такі час яго могуць падтрымаць блізкія людзі. Але, каб супакоіць душу чалавека, увагі родных недастаткова, і за дапамогай ён звяртаецца да Бога, Які чуе толькі шчырыя, ад самага сэрца, малітвы. Галоўнае – быць цярплівым і верыць, і тады Бог даруе жаданае. Успамінаецца адзін выпадак з жыцця, які паказвае, як малітва дапамагае справіцца з бядой.
У знаёмай дзяўчынкі цяжка захварэла маці. Усё было добра ў іх жыцці, пакуль не прыйшла навіна аб страшнай хваробе жанчыны. Прагнозы былі несуцяшальныя. Чаму гэта няшчасце здарылася у гэтага добрага душой чалавека, было незразумела. Праз хваробу жанчына страціла работу, матэрыяльнае становішча стала зусім цяжкае. Здавалася, што жыццё спынілася. Але жанчына не апусціла рукі і не згубіла надзеі на вылячэнне. Ёй нічога не засталося, як звяртацца да Бога. Яна верыла, што Бог яе пачуе і дапаможа справіцца з гэтымі цяжкімі абставінамі. Жанчына ездзіла ў розныя храмы і бясконца малілася. Аперацыя прайшла паспяхова. Працягвалася доўгае лячэнне. Жанчына увесь час верыла і малілася, бо менавіта малітва была сувяззю з Богам. Праз год здароўе ў яе палепшала і яна змагла пайсці на працу. І зараз яна не губляе веры, што ўсё будзе добра, і яна, я веру, дачакаецца поўнага выздараўлення.
З гэтага выпадку зразумела, што малітва – гэта частка цэлага, якая нараджаецца ад веры чалавека. Малітва мае цудатворную сілу. Праз яе можна змяніць людзей, вырашыць праблемы, перажыць цяжкія абставіны, вытрываць выпрабаванні. Яна сцішае чалавека ўнутры, напаўняе надзеяй, змушае да дзеяння. Малітва – гэта размова з Богам. Бог ёсць, і Ён не адвернецца ад чалавека, калі той адкрые Яму сваё сэрца. Трэба маліцца - і Бог пачуе! Але маліцца трэба не час ад часу або толькі тады, калі ўзнікнуць праблемы, а адвесці ў сваім жыцці на гэта пэўны час. Вельмі важна кожны дзень выказваць Усявышняму ў малітве ўдзячнасць за ўсё, што маеш сёння.
Бацкель Марыя, 6 «А» клас
Маё разуменне Праваслаўя
Беларусь – шматканфесійная дзяржава. У цяперашні час у нашай краіне існуе больш за 26 канфесій. Праваслаўе – самая распаўсюджаная з іх. Яна з’яўляецца найбуйнейшым і найстарэйшым хрысціянскім веравызнаннем Беларусі. Слова “праваслаўе” перакладаецца як “правільнае меркаванне” або “правільнае ўхваленне Бога”. На нашы землі праваслаўе прыйшло з хрышчэннем князя Уладзіміра. Уся філасофія гэтага веравызнання заснавана на веры ў Бога Айца, Сына і Духа Святога. Праваслаўе вучыць не красці, любіць людзей, шанаваць сяброўства, не хлусіць, не зайздросціць, жыць з праўдай у душы.
Першы раз я была ў царкве ў першы год пасля нараджэння, калі мяне хрысцілі. Я была маленькая і нічога не памятаю, але хросная маці мне расказвала, як усё адбывалася. Цяпер я хаджу ў царкву з матуляй або бабуляй. Мне там падабаецца атмасфера, убранне і нейкі асаблівы дух. Прыйшоўшы з царквы, заўсёды адчуваеш святло ў душы, хочацца рабіць дабро і займацца творчасцю. У цяжкія хвіліны жыцця можна папрасіць у Бога дапамогі. Але трэба разумець, што чалавек павінен сам рабіць нейкія крокі для вырашэння пэўнай праблемы, і ўжо ў адказ на гэта Бог дае чалавеку дапамогу, які той адчувае асабіста. Яшчэ вельмі важна, на мой погляд, адзначыць, што вера ў Бога не можа быць нікому навязана. Яна фарміруецца знутры, у душы чалавека, яе можна развіць, узмацніць, але нельга нічым вымераць.
Праваслаўе фарміруе не толькі веру ў Бога, яно вучыць таксама і любові да сябе, іншых людзей, а гэта і ёсць аснова жыцця. Кожны чалавек сутыкаецца з няўдачамі ў жыцці, але, маючы веру, ён ніколі не страціць надзею. Ён ведае, што перашкоды, якія з’яўляюцца на яго шляху, часовыя, і што яны дзеля нечага дадзены. Па веры вашай ды будзе вам!
Царкоўная Варвара, 6 «А» клас
***
Жылі на Божым свеце людзі, якія перасталі паважаць свае карані, сталі забывацца на гісторыю сваёй краіны, цурацца свёй мовы. Не шанавалі яны свой родны куточак. Убачыў гэта Бог і вельмі засмуціўся. Адвярнуўся Ён ад гэтай старонкі, бо цяжка было глядзець на такія адносіны сваіх дзяцей да спадчыны.
Цяжка стала жыць людзям без Божай дапамогі. Пачалі думаць людзі, у чым прычына іх няшчасцяў, але ніхто не мог адказаць на гэта пытанне. Тады звярнуліся людзі да Бога:
- Божа, чаму ты нас так караеш, чаму на нашу долю і на долю нашых дзяцей выпадае столькі выпрабаванняў?
І адказаў ім Бог. Ён растлумачыў, што нельга забываць пра свае карані, цурацца сваёй мовы і забываць гісторыю, бо хто не любіць і не паважае Радзіму, не можа любіць і паважаць яе людзей, а, значыць, і Бога.
Задумаліся людзі. Не ўсе зразумелі, пра што гаварыў Бог. Але тыя, хто зразумеў, прыйшлі да царквы з малітвай… Малітвай за сваю родную старонку і тых людзей, каторыя пакуль засталіся глухімі…
Тапал Валерыя Аляксандраўна, вучаніца 6 «А»
Дзіцячая малітва
Герой майго апавядання Толiк. Маленькi хлопчык Толiк, які жыў у час вайны. Цёмныя валасы, дзіцячыя ручкі і дапытлівы погляд. Яму ўсяго пяць год. Ён худы і часта галодны, бо ежы не хапае.
-Мама
-Што, Толя?
-А калi мы будзем есці?
-Ужо пара спаць, - сказала маці, адводзячы вочы. Потым, уздыхнуўшы, дадала:
- Добрай ночы.
У Толiка было шмат пытанняў, аднак мацi ці то спала, ці то рабіла выгляд, што спіць.
“Чаму ж мацi не хоча са мной пагаварыць? I чаму бацька пайшоў уночы і не вярнуўся? І хто такiя партызаны?” – думаў Толя, варочаючыся з боку на бок. Потым вырашыў дазнацца аб усім раніцай і мірна засоп.
Толiк яшчэ спаў, а яго мацi прачнулася i пачала збiрацца ў царкву.
-Толя, Толечка, прачынайся, пойдзем у царкву, сёння нядзеля.
Толік устаў і, замест “добрай раніцы”, спытаў:
-Мама, а хто такiя партызаны?
Мацi ўздрыгнула i адказала:
-Гэта..гэта вельмi добрыя людзi . Толькі нікому пра гэта не гавары…
Пасля гэтага мацi i Толiк пайшлi у царкву. Службы ў царкве не было, таму што яна была зачынена на вялікі замок. Бацюшку некуды забралі фашысты, але вернікі прыходзілі сюды памаліцца.
-Хай усё будзе добра з нашай вёскай, краінай, з маiм сыночкам…- малілася мацi шэптам.
- Хай усё будзе добра з нашай вёскай, краінай, з маiм сыночкам, - паўтарыў Толік і ўсміхнуўся.
- А ў цябе ж якi сыночак? – засмяялася мацi, лепш за татку памалiся.
Але Толік яшчэ не вельмі ўмеў маліцца. Ён глядзеў на вялікі будынак царквы, высокія купалы, і яму здавалася, што ўсё абавязкова будзе добра.
***
Праз шмат год ужо дарослы Анатоль у складаныя хвіліны свайго жыцця прыходзіў сюды, у царкву. Яна была новая - старую падарвалі пры адступленні немцы - але ўжо на царкоўным двары ён, як тады, у дзяцінстве, адчуваў, што ўсё будзе добра…
9 «Г» клас
Ахотнікава Вераніка
Не ў сіле Бог, а ў праўдзе!
“Не ў сіле Бог, а ў праўдзе” - менавіта гэтымі словамі вялікага князя Аляксандра Неўскага я хацела б пачаць сваё сачыненне.
Для мяне рэлігія - гэта нешта святое. Вера дае людзям надзею на цуд, ацаляе мноства, здавалася б, невылечных хвароб. Галоўнае - верыць. Бог дае таму, хто шчыра аддае яму душу. Людзі, якія вераць у Бога, падымаюцца ўверх. На іх шляху ёсць цяжкасці, якія яны пераадольваюць дзякуючы Госпаду. Ад Бога людзі атрымліваюць спакой і душа іх напаўняецца святлом. Не кожны можа прайсці выпрабаванні, дадзеныя Усявышнім, але шанец ёсць ва ўсіх нас. І тыя, каму ўдасца прайсці нялёгкі шлях, будуць узнагароджаны
Праваслаўе ўсяляе ў людзей клопат аб навакольных, цярпенне да блізкіх, любоў да Радзімы. Што будзе з той краінай, дзе жывуць абыякавыя грамадзяне без Бога ў душы? Кожнаму з нас неабходна душыць у сабе пачуццё абыякавасці, якое мы адчуваем да будучыні сваёй краіны. Мне здаецца, што кожнаму чалавеку трэба адрадзіць Бога ў сваёй душы, і няхай для ўсіх менавіта гэта стане галоўнай мэтай. Ф. М. Дастаеўскі пісаў: “Калі Бога няма ў душы, то ўсё дазволена”. Калі няма ў нас веры ва Усявышняга, не ясна, для чаго мы жывем, і таму нам усё роўна, як жыць. А што ж, усё-ткі, можа адбыцца з той краінай, дзе пануе абыякавасць і атэізм?
Я спадзяюся на тое, што ўсе людзі зноў здабудуць веру ў Бога, стануць клапаціцца пра блізкіх і пра сваю дзяржаву. Калі кожны хоць на хвіліну задумаецца, то стане на шлях выпраўлення. Гасподзь дапаможа ачысціць душы ад холаду да ўсяго, што вакол нас. І ўсё ж, калі “ачышчэнне” адбудзецца, то мы адродзім нашу любімую краіну, якую з вялікай цяжкасцю стваралі нашы продкі.